1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Салігорскі тэатральны калектыў "Жартаўнікі" стаў уладальнікам пяці дыпломаў міжнароднага фестывалю!

10.06.2020

Штогадовы Міжнародны фестывальны праект ART PLANETA у 2020 годзе праводзіўся ў новым фармаце. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй удзельнікам прапанавалі анлайн-конкурс. Салігорскі калектыў таксама адправіў конкурснае відэа і апынуўся ў ліку лепшых!

Арганізатарам фестывалю-конкурсу з'яўляецца тэатральная студыя "Планета" (г.Мінск). Фестываль праводзіцца пры ўдзеле ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і падтрымцы ДУА "Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі", Мінскай школы кінамастацтва, а таксама КДЦ "Дом Масквы ў Мінску". Як паведамлялі ў сацыяльных сетках арганізатары фестывалю, да іх вялікага засмучэння, так склаліся абставіны, што ў гэтым фестывальным сезоне ім не ўдалося сустрэцца з усімі выдатнымі тэатральнымі калектывамі, многіх з якіх прывыклі штогод бачыць у ліку пастаянных удзельнікаў фестывальнага праекта. Тым не менш, каб не засмучаць педагогаў і юных артыстаў, якія рыхтавалiся да конкурсу, узялі на ўзбраенне сучасныя тэхналогіі і сродкі камунікацыі. Члены журы адгледжвалі прадастаўленыя матэрыялы фестывалю-конкурсу ў рэжыме анлайн, дзе свае таленты дэманстравалі юныя прадстаўнікі Мельпамены.

Салігорскі раён прадстаўляў тэатральны калектыў "Жартаўнікі" (ДУА "Салігорская дзіцячая школа мастацтваў"). Кіруе творчым працэсам Тамара Каралёва. Рэжысёру дапамагаюць Яраслаў Ракіцін (музычнае афармленне спектакляў), харэограф Алена Абель, Ганна Наруцкая (вакал) і педагог па сцэнічнай прамове Наталля Грамыка. Разам з выхаванцамі для конкурснай праграмы падрыхтавалі спектакль "Прыгода ката без ботаў" паводле п'есы Міхаіла Новакава "Навагоднія прыгоды ката без ботаў". У выніку працу юных артыстаў і выкладчыкаў ацанілі на вышэйшым узроўні. Салігорцы заваявалі дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі "Драматычны тэатр. Змешаная група". Акрамя таго, у намінацыі "Лепшая мужчынская роля" дыплом лаўрэата I ступені журы таксама аддало салігарчанам. Ягор Кобер стаў уладальнікам гэтай ганаровай узнагароды. Але і гэта яшчэ не ўсе прызнання судзейскай калегіі. Дыпломы I ступені заваяваў калектыў у намінацыях "Лепшы акцёрскі ансамбль", "Лепшая сцэнаграфія". Віншуем калектыў з заслужаным поспехам! Жадаем натхнення і заваявання новых творчых вяршыняў!

ДУ "Рэдакцыя газеты "Шахцер"

Усе навіны